Польскае радыё: Львоў прымаў сьвята свабоднай музыкі

 11.08.2008 слухаць 3,37 MB

9 і 10 жніўня ў Львове, адным з самых старажытных і найпрыгажэйшых украінскіх гарадоў, прайшоў фэстываль „Be Free” – “Будзь вольны!”.
Фэст быў арганізаваны, перш за ўсё, каб даць мажлівасьць найлепшым беларускім гуртам выступіць на вялікай прафэсійнай сцэне і паказаць свой талент ва ўсёй красе перад замежнай публікай. Акрамя беларускіх камандаў, у канцэртах ўдзельнічалі рок-гурты з Украіны ды Польшчы.

Фэстываль “Be Free” быў выдатна ацэнены слухачамі зь Беларусі, Украіны ды Польшчы. 

Імпрэзу адчынілі тры каманды – пераможцы конкурсу, які праводзіўся Эўрапейскім радыё для Беларусі. Гэта былі мэтал-гурт “Imprudence”, англамоўная беларуская рок-каманда “Wisp” ды этна-гурт “Бан Жвірба”. Музыкі апошняга гурту прадставілі народную танцавальную музыку ў рок-апрацоўцы. Яны паказалі, што беларускі фальклёр – гэта ня толькі сумныя, тужлівыя песьні. Пра гэта распавядаюць Зьміцер Вінаградаў, гітарыст гурту “Бан Жвірба” ды Міця Гаўрылін – вакаліст каманды.

Зьміцер: Фальклёр – гэта невычарпная тэма, якую можна перарабляць бясконца. Беларус па сваёй прыродзе любіць ня плакаць, а жыць. Ён любіць жыцьцё ва ўсіх яго праявах – як вясёлых, так і сумных. Нас цікавіць музыка, пад якую можна таньчыць.
Міця: Мы хочам, каб слухачы атрымалі добрыя эмоцыі. Навошта змушаць людзей плакаць? Навокал і бяз нас хапае прычынаў, каб засумаваць.
 
Выдатна адыгралі перад публікай, якая сабралася ў львоўскім парку імя Багдана Хмяльніцкага, беларускія гурты BN, Partzyone ды Зьніч. Парадавалі слухачоў таксама госьці з Польшчы – малады гурт Rockaway. Польскія музыкі Лешард і Дамінік падзяліліся з намі сваімі ўражаньнямі ад фэстывалю.

Лешард: Усё арганізавана вельмі добра, людзі выдатна бавяцца. Маем надзею, што гэта будзе не апошні такі фэстываль. Калі нас запросяць на яго яшчэ раз – адразу згодзімся. Львоў – вельмі прыгожы горад. Мы адчуваем сябе тут, як дома. Нас уразіў узровень маладых беларускіх рок-гуртоў. Вельмі здорава, што беларускія музыкі не паддаюцца на моду, якая ідзе з англамоўнага сьвету, а захоўваюць сваю самабытнасьць. Усім маладым беларускім і ўкраінскім гуртам жадаем як мага хутчэй пакарыць сьвет.
Дамінік: Мы любім Украіну, любім Беларусь і жадаем вам усяго найлепшага!

Прыемна ўразілі слухачоў сябры францускага рок-гурту Vladivostok. Вясёлыя ды энэргічныя французы настолькі распалілі публіку, што яна таньчыла, нягледзячы на праліўны дождж. Пра сваё рашэньне прыняць ўдзел у фэстывалі беларускай музыкі распавядае басіст гурту Vladivostok Коко.

Коко: Наша група называецца Vladivostok таму, што мы цікавімся ўсім, што адбываецца ва Ўсходняй Эўропе. У нас, на Захадзе, людзі няшмат ведаюць пра сьвет па-за межамі Эўразьвязу. Таму мы прыехалі сюды, каб адчуць гэтую атмасфэру, каб перажываць тое, што турбуе людзей тут, каб тут прысутнічаць. Мы пасябравалі са шматлікімі музыкамі зь Беларусі ды Ўкраіны. Мы ведаем, што адбываецца на Беларусі, што музыкам цяжка разьвіваць сваю творчасьць. Таму мы вельмі пазытыўна адносімся да ідэі гэтага фэстывалю. Гэта шанец паказаць усяму сьвету, што ў Беларусі ёсьць добрыя гурты, ды прыцягнуць ўвагу да іх праблемаў.

Наступны дзень фэстывалю рапачаўся на старажытнай Рынкавай плошчы Львова. Беларуская ды ўкраінская фольк-музыка выдатна ўпісалася ў яе атмасфэру. Пад музыку гуртоў “Стары Ольса” ды “Джамбібум” таньчылі дзесяткі беларусаў, украінцаў, палякаў, а таксама турыстаў з розных куткоў Эўропы. Зьміцер Вайцюшкевіч і “WZ-Orkіestra” проста закахалі ў сябе львоўскую публіку. Украінцы надзвычай цёпла ўспрынялі ягоныя кранаючыя й сьветлыя песьні. А музыка гурту “LITVINTROLL”, дзе мэталёвыя рытмы спалучаюцца са сьпевам сярэднявечных дудаў, паслужыла выдатным фонам для паядынку рыцараў з клюбу “Чорна Галич”.

У гэты час у парку імя Хмяльніцкага распачаўся рок-канцэрт. Перад моладзьдзю выдатна выступілі беларускія ды польскія рок-зоркі – гурты “IQ 48”, “Маўзэр”, “Нэйрадзюбель”, “Metanoia”, “Крама”.

Завершыўся фэстываль выступам вядомага ўкраінскага гурту “Тартак”. Украінцы спэцыяльна для беларусаў выканалі адну зь песень беларускага гурту “Чырвоным па белым”. Вакаліст гурту “Тартак” Сашко Положиньский распавёў нам, як ён ацэньвае беларускую рок-музыку.

Сашко: У мяне ёсьць некалькі зборнікаў беларускай музыкі, з польскай я знаёмы крыху менш. Тая беларуская музыка, якую я маю, мне падабаецца. Беларускі рок ад украінскага адрозьнівае тое, што беларускія гурты менш арыентуюцца на заходнія ўзоры, а больш прытрымліваюцца сваёй ўласнай традыцыі. Я вельмі люблю гурт Палац (хаця яго цяжка назваць рокавым), сябрую з музыкамі каманды “Чырвоным па белым”. З гуртоў, якія адчынілі фэст, мне запомніўся Partzyone.
У мяне ёсьць тры пажаданьні ўсім маладым гуртам. Па-першае, часьцей праводзьце рэпэтыцыі. Слухачы адчуваюць, калі музыкі нязграныя паміж сабой, і такія гурты не ўспрымаюць. Па-другое, калі вы вырашылі займацца музыкай, то павінны сапраўды ёй жыць, павінны самі кайфаваць ад музыкі, ведаць, навошта яна вам патрэбная. Па-трэцяе, з увагай адносьціся ня толькі да таго, як граеце, але й як выглядаеце. Ніколі ня будуць цікавымі людзі, якія стаяць на сцэне, як слупы, ды перабіраюць струны. Трэба ўмець апранацца, умець разыгрываць спэктакль на сцэне, умець падаваць сваю музыку.  Зразумела, ёсьць музыка, якую трэба слухаць, але калі людзі прыяжджаюць на такі фэстываль, то яны хочуць музыку ня толькі слухаць, але й бачыць ды адчуваць.

На жаль, фэстываль беларускай свабоднай музыкі “Be Free”ў Львове распачаўся на фоне новай вайны, якая выбухнула на Каўказе. Зьміцер Вайцюшкевіч падчас канцэрту заклікаў усіх слухачоў праявіць салідарнасьць з народамі, якія ад яе пакутуюць. Сьпявак заклікаў падтрымаць людзей, якія змагаюцца за мір.
Зьміцер Вайцюшкевіч распавёў нам, чаму ён вырашыў выступіць з такой заявай.

Зьм. Вайцюшкевіч: У Грузіі адбываюцца страшныя рэчы, якія мне вельмі не падабаюцца. Я – беларус, і ведаю, чым была вайна для Беларусі. Мяне шакуе дзіўнае разьвіцьце падзеяў у Грузіі – гэтая гульня біцэпсамі і трыцэпсамі суседніх зь ёй дзяржаваў.  Я застаюся салідарным з людзьмі, якія выступаюць супраць вайны там. Зразумела, сьпяваючы ці прамаўляючы на канцэртах, я не магу шмат зьмяніць, але магу зьвярнуць увагу людзей на гэтую праблему. Я супраць вайны – гэта галоўнае. Лепш любіць адзін аднаго. Я ў гэтым сэнсе абсалютна згодны з Джонам Ленанам.

Разьвітальную песьню “Бывайце здаровы, жывіце багата”, Зьміцер Вайцюшкевіч і “WZ-Orkіestra” выканалі ў каўкаскай аранжыроўцы.

Фэстываль свабоднай музыкі “Be Free” разьвітаўся са Львовам. Як музыкі, так і арганізатары спадзяюцца, што імпрэза стане рэгулярнай і будзе праходзіць на Ўкраіне штогод.

Аляксандар Папко