Быць вольным! Удалечыні ад дома?
Лета – пара фэстываляў. І хоць у Беларусі з пэўнага часу ёсць праблемы з сьвятамі (чужых ня хочацца сьвяткаваць, а свае не даюць правесьці), але нават беларусам цёплае лета’2008 падарыла каскад запамінальных рок-фэстаў: «БАСовішча», «Be Free», «Be2gether», «Вольнае паветра». Большасць зь іх, як бачым, у замежжы (Польшча, Літва, Украіна), але цяжка не дагледзець менавіта нацыянальны кантэкст гэтых аўтарытэтных імпрэзаў. І акурат ў такім кантэксьце выразным лідэрам сёлета стаў буйны львоўскі фэстываль «Be Free», куды сабраліся фэны нацыянальнага року з усяе Эўропы: артысты зь Беларусі, Польшчы, Украіны, Францыі, публіка зь Вялікабрытаніі, Італіі, Галяндыі.
Варта нагадаць, што традыцыя беларускіх рок-фэстаў на Ўкраіне была закладзена год таму музычна-выдавецкім лэйблам «БМАgroup». Як кажуць, не было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло: ґвалтам адсунуты ад стваральнай ініцыятывы «БАСовішча» шэф «БМАgroup» Віталь Супрановіч нядоўга маркоціўся асэнсаваньнем няўдач, а знайшоў аднадумцаў і правёў у Луцку свой першы самастойны grand-fest «Будзь Вольным!» (верасень, 2007), дзе выступалі і нашы мэґа-зоркі («Ulis», «Крама», «N.R.M.»), і надзвычай модная ў нашых паўднёвых суседзяў кіеўская каманда «Тінь Сонця». Праўда, родная дзяржава тады стварыла нямала цяжкасьцяў аматарам культурна пабавіць час (затрыманыя яшчэ да мяжы аўтобусы з турыстамі, недаехаўшыя артысты), але традыцыю вырашана было пряцягваць. Дый слушна: цяпер, напярэдадні выбараў улады вырашылі не марнаваць па дробязях свой моцна падарваны імідж, таму фэстаўскія аўтобусы 8 жніўня ня толькі своечасова выпусцілі зь Менску, але й імпэтна ды ветліва пракантралявалі на мяжы.
Для мяне, які разам з журналістам Анатолем Мяльґуем прыклаў руку да самога нараджэньня нацыянальнай рок-фэстаўскай ідэі ў Беларусі 80-х, «Be Free» быў важны яшчэ й у кантэксьце звычайнай чалавечай прагі захаваць традыцыю пераемнасьці пакаленьняў: падрастае дачка Альдона, і вось упершыню пачуў ад яе: «Тата, а чаму ты перастаў езьдзіць на рок-фэсты, я б сёлета зьездзіла з табой на “БАСовішча” альбо на “Be Free”, калі экзамэны ў ґімназыі здам». Я не тлумачыў ёй палітычныя пэрыпэтыі, забіваючы юначую галаву дарослымі праблемамі адпрэчаньня здрады й падману, а проста скарыстаўся запрашэньнем Віталя Супрановіча, якому трэба было сур’ёзнае асэнсаваньне распачатай ім ініцыятывы.
Такім чынам ва ўтульным нямецкім аўтобусе «Bova» акрамя артыстаў апынуліся ня толькі я з дачкой, але й вядомы журналіст Вадзім Александровіч ды, безумоўна, леґенда нацыянальнай рок-журналістыкі Анатоль Мяльґуй. Пашанцавала яшчэ й тым, што ў салёне было што пачытаць, таму ўсю дарогу мы абмяркоўвалі сьвежы артыкул Вадзіма Александровіча «Время фестивалей, бремя паспортов» у ґазэце «Белорусы и рынок».
Так, у «БАСовішча» цяпер ня толькі здрадніцкія праблемы (калі зоркамі нацыянальнага року становяцца анґламоўныя беларусы, рускамоўныя украінцы, з-за чаго публікі езьдзіць усё менш), але й візавыя. Шэнґен ня дрэмле, выдаючы на кожную тысячу жадаючых пару соцень бясплатных віз. У гэтым сэньсе паездка ў каралеўскі Львоў каштуе на 60 эўра таньней за пралетарскі Грудэк.
Артыстаў расьсялілі ў вялікім сучасным гатэлі «Львів», а журналістам дастаўся старадаўні «Жорж» з душам, тэлевізарам і праплочаным абедам у рэстаране…
Тэлевізар апынуўся надзвычай дарэчы, калі ўвечары па адным зь мясцовых каналаў мы трапілі на зьмястоўную музычную праґраму пра зорак украінскага року розных часоў: кліпы «Vопляў Vідоплясова», «Тартака», «ТНМК» і «Мертвого півня» перамяжаў сур’ёзны аналіз іхняй творчасьці ў жывых гутарках адмыслоўцаў. У нас такога нават на Первом Музыкальном няма, адно тупы шквал рэклямы й самарэклямы.
Але найбольшым львоўскім уражаньнем тых дзён (8-10 жніўня) сталі канцэрты. Тры буйных канцэрты на дзвюх розных пляцоўках гораду. Гэта й турбавала, бо я прадбачваў, што ня здолею ахапіць усё, спадзеючыся толькі на дапамогу дачкі (яна пісала ўжо у інтэрнэце нейкія дзіцячыя водгукі пра канцэрты – мазгі ёсць!). Так і сталася. І мы ахапілі ўсё.
На велізарнай крытай сцэне парку імя Багдана Хмяльніцкага, дзе артысты знаходзіліся на вышыні мэтраў двух над публікай, імпрэзу распачалі ў 14.00 ўдачлівыя пачаткоўцы – менскі гурт «Wisp», які ў адборачным інтэрнэт-конкурсе www.euroradio.fm выйграў сваё права выступіць тут. Ну што ж, традыцыйнае юначае чужамоўе, але й традыцыйнае юначае імкненьне да наватарства. Яны гралі жорсткі гітарны і вельмі мэлядычны брыт-поп, які ўразіў многіх. Асабліва маю Альдону, якая нават зьняла на свой фоцік цэлы кліп іхняй песьні. Удалося хлапцам прадаць і некалькі сваіх CD-самарэзаў, але мяне зьдзівіла, што студыйны саўнд больш мягкі і, адпаведна, яшчэ больш мэлядычны. Хлопцы, вяртайцеся ў кантэкст роднай культуры, і вы заваюеце цэлы сьвет!
Зусім іншую плынь прадстаўляў гомельскі «Бан Жвірба», захапіўшы сваім фольк-рокам асабліва украінцаў. Наймаднейшыя стылістычныя навароты аранжыровак і віртуознае выкананьне інструмэнтальных пасажаў дзіўна, але прывабна спалучалася з высокім голасам вакалісткі Крыстыны Перагудавай. Сюрпрызам фэстывалю стала яшчэ й тое, што ў музычным шапіку многім беларусам тут, на Украіне, нарэшце ўдалося купіць іхні леташні альбом «Забабоны», шыкоўна выдадзены расейскім лэйблам «Sketis Music». Да менскіх крамаў гэтая кружэлка так і не дайшла. І хоць майму характару не пасуе той татальны пазітыў «Жвірбаўскай» музыкі, але цяжка не заўважыць, як імпэтна яна падымала на апантаныя танцы і беларусаў, і украінцаў.
Яшчэ адна фарба беларускага року на ўкраінскім фэсце – мэталёвы «Imprudence». Заслужаную славу прынёс яму альбом «Road To Nowhere», але яны адчулі, што гэтай апантанай публіцы, якая езьдзіць за гукамі беларускага року па ўсёй Эўропе, лепш прыйдуцца даспадобы беларускія песьні. Іх і выконвалі. А магутныя зладжаныя акорды цяжкой музыкі, разьлятаючыся па-над гэтым старадаўнім горадам, рабілі найлепшую рэкляму фэсту. Бо насамрэч, афіш «Be Free» на вуліцах Львова было малавата, а якраз выступ «Imprudence» пераканаўча абвесьціў, што ў парку адбываецца нешта дужа цікавае. І ў парку стала цеснавата.
Дый балазе, бо далей на сцэну выходзіў надзвычай стабільны і актуальны бярозаўскі «:B:N:», яшчэ адзін кумір маёй дачкі. Зноў былі самаробныя кліпы ў ейным фотаапараце, а я самааддана адцягваўся пад грозныя акорды «Цягніка». Лепшы паказчык удалага выступу – цалкам прададзены гандлярамі CD-кантынґент «:B:N:» яшчэ да канца іхняга выступу.
Шмат добрых словаў для будучага рэпартажу падарыў мне й выступ менскага гурта «Partyzone», але іхняя нестрыманая жарсць да гарэліцы потым забіла ўсе эмоцыі. Праўда, у памяці засталіся прыемныя згадкі пра песьні першага альбома калектыва, якія яшчэ жывуць на іхніх канцэртах.
Украінская «Інкунабула» яшчэ вельмі малады гурт, і хоць мяне ён ня надта ўразіў, мушу засьведчыць актыўнасць прыхільнікаў ля музычнага шапіку. А гэтае галасаваньне грыўнай у падтрымку талента важней за цісканьне кнопак у інтэрнэт-галасаваньні. Бадай, і мне б варта было заглыбіцца ў іхнюю музыку, каб зразумець сутнасць прывабы.
Магутныя акорды каралёў нашага року «Pomidor/Off», «Znich», «žygimont VAZA» надзвычай выгадна адценіліся не зусім яркім выступам польскага «Rockaway». Дый віртуозны французскі «VladiVostok» не перабіў прыярытэтаў нават сваёй кампраміснай песенькай «Жівье Б’елярюсь!». Затое значкі з рэклямай іхняга альбому «Polizei» потым канкурыравалі ў папулярнасьці з атрыбутыкай фэсту.
Вяртаючыся да «Rockaway», трэба зазначыць, што і іхняя музыка мае патэнцыял прывабнасьці, але для падрыхтаванай публікі, бо ўсе прыколы базуюцца на музычных цытатах з рок-клясыкі: ведаеш – пазнаеш, ня ведаеш – дзівісься неактуальным інґрыдыентам.
Не пашанцавала з надвор’ем мэґазоркам – нашаму «Zet» ды украінскаму «Гайдамакі». Але прыкметная залева толькі пацьвердзіла, хто ў хаце гаспадар, бо публіка і ня думала разыходзіцца аж да паўночы, хоць некаторыя хаваліся ў гандлёвых намётах.
Другі (сонечны) дзень пачынаўся на Рынкавай плошчы, дзе ўжо зраньня было людна, і нёс нямала адкрыцьцяў. Найпершае – статус гурта «P.L.A.N.». Пастаўлены паміж сумнымі выступамі прыджазаваных Насты Някрасавай і «Джамбібум», ён выклікаў прыкметнае ажыўленьне на вуліцах. Упэўнены голас Андрэя Плясанава аказаўся насамрэч чароўным сярод гэтых старадаўніх муроў, і ўжо на першай песьні «Два шляхі» ля музычнага шапіку ўтварыўся ажыятаж: «А на якім дыску гэтая песьня? А што яшчэ выдаў гэты гурт?»
З імпэтам разьляталіся й альбомы калектыва, і зборнікі зь ягоным удзелам. Сотні яшчэ зусім не раскручаных CD «Вольныя песьні» асэнсоўваюцца цяпер у кватэрах Менска й Рэчыцы, Сімфэропала й Харкава, Ляйдэна і Міляна... А рэкардсмэнам продажаў сталі на фэсьце акурат плясанаўскія альбомы «Шлях да каханай» і «Зьніч надзеі». Ня выдаючы ніякіх камэрцыйных таямніц, магу засьведчыць, што вечна адштурханы тутэйшымі музадмыслоўцамі гурт «P.L.A.N.» прадаў на фэсьце «Be Free» у 20 (дваццаць) разоў болей дыскаў за супэрзорны «NeuroDubel». І я не хочу тут дыскрэдытаваць «ND», але трэба браць прыклад з Андрэя Плясанава, які, даўшы працу гандляру, не забывае дапамагчы яму са сцэны простай абвесткай і добрымі акцэнтаванымі мэлёдыямі. Бадай, выступ на фэсьце «Be Free» быў найбольш удалым у біяґрафіі гурта «P.L.A.N.».
Вакальны джаз гурта «ЯR» вярнуў панаванне эстэтыкі суму на фэст, але давёў правамоцнасць такога настрою, бо публіка актыўна цікавілася такімі дыскамі. Але зоркамі канцэрту сталі ў дадатак да «P.L.A.N.у» такія спэцы, як «Стары Ольса» і «WZOrkiestra». Быў яшчэ клясны выступ цяжкога «Літвін Троля», але ён неяк выбіваўся з акустычнай праґрамы рынкавага сэта. Затое гандляры, ня маючы кружэлак гурта, задавальнялі попыт на яго аналяґічнымі ў нечым дыскамі «Znich».
Працягвалі канцэрт выступы рыцарскага клюбу «Чорны Галич», украінскіх гуртоў «Кораллі» ды «Метелики», але мне не давялося дараўнаць, наколькі яны адрозьніваюцца ад «Metallica», бо на другой пляцоўцы пачынаўся іншы канцэрт.
А 16-й у парку Хмяльніцкага распачынаў свой сэт украінскі «Ху4», які дэманстраваў схільнасць да ўсеахопных формаў рок-мэйнстрыма. Зладжана, жорстка, хоць і папсова. Затое як публіка кінулася ў скокі, хоць былі сярод яе і стомленыя тусоўшчыкі, якія разам з «Ху4» пасьпелі за гэтыя дні пабываць на фэстывалі «Бандэрштадт» у згаданым Луцку, а потым зьбіраліся на нейкую імпрэзу ў Крым.
Нашыя «IQ48» (Менск) і «Mauzer» (Магілёў) давялі стылістычную разнастайнасць беларускага року. Давялося нават прысутнічаць пры спрэчцы нейкіх мэляманаў, якія зайздросьцілі шматаблічнасьці беларускіх рок-ідэяў. Я толькі падумаў: «Хлопцы, затое ў вас ёсць шоў-бізнэс, які рэальна прадае ўсё, што ў вас ёсць, а ў нас толькі самі музыкі сьціпла дэманструюць сваю прысутнасць на рынку».
Яшчэ чытаючы папярэднія праґрамы, я зацікавіўся маладым польскім гуртом «Metanoia», які змагаўся за права ўдзелу ў фэстывалі «Be Free» на нейкім Ольштынскім конкурсе. Прызнаюся, яны ўразілі мяне не менш за «P.L.A.N.», хоць адрозьніваліся стылістычна: гэткі варыянт мэталу, які так і прыплюшчвае цябе да падлогі драйвам, вымотвае нэрвы апантанымі мэлёдыямі. Аказваецца, і ў мэтале яшчэ патрэбная мэлёдыя. І заставалася толькі шкадаваць, што дыскі «Metanoia» на фэсьце не прадаваліся, хоць сьпявае яна й па-польску, і па-анґельску.
«Краме» было цяжка пераадолець прэсінґ такой музыкі, але пераканаўчыя здольнасьці нашых клясыкаў дапамаглі дасягнуць гэтага. І хоць асабіста мяне пачалі нэрваваць чароўныя песьні пра «выпівон са мной да дна», пра «гэй, там, налівай», пра «чарку вазьмі», але факт: у музычным кіёску не засталося ніводнага дыска «Крамы».
Віртуозна цягнуў сваю адзіную песьню з розным наборам слоў леґендарны «Ulis», але фэнам заставалася шкадаваць пра разнастайнае мэлядычнае мінулае гэтага калектыва. Цяпер жа здольнасьці засталіся, а натхненьня Бог не дае.
Весялей гучаў «NeuroDubel», хоць бянтэжыў нацыянальную публіку недарэчнымі палітычнымі акцэнтамі пра сваю надзвычай патрыятычную двухмоўнасць, а вось украінскі «Тартак» прадэманстраваў іншую двухмоўнасць, захаваўшы й павагу да сябе, да сваёй украінскай сутнасьці, і да беларускіх гасцей. Прагучалі і многія песьні, вядомыя праз выданьні беларускіх фірм, а знакамітая «Не жадаю», перакладзеная на беларускую папулярным «Чырвоным па белым», была выканана in belarusian без удзелу MC Krou’а.
Пасьля паўночы хтосьці паехаў дадому ў Менск, Гомель, Рэчыцу, Магілёў, Харкаў, хтосьці накіраваўся працягваць канікулы на далейшыя фэсты ў Крым, Нарач, на Балтыку. Нацыянальнае рок-жыцьцё працягваецца, хоць дзяржава плача пра неэфэктыўнае выкарыстаньне Аўґустоўскага каналу, а прывезьці туды рок-фэст не дае. Мо і слушна: ці прадала б «Крыніца» мільёны дэкалітраў свайго бырла, як украінскія бровары на «Be Free», бо украінскае піва – гэта сьвятое!
І апошняе: «БАСовішча» шкада. У яго зьявіўся вартасны канкурэнт, а польскія беларусы рызыкуюць зачыніць апошнюю фортку на Радзіму.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.