БУЛЬБА НА СВАБОДЗЕ, або “АСЦЯРОЖНА: ФРЫКІ!”


“Новы час”

Марыя Мартысевіч


Піва, бульба фры, беларуска-польска-украінскі рок, і (на дэсерт) свабода – вось меню абеда, які сервіравалі 9 і 10 жніўня “Еўрапейскае радыё для Беларусі”, БМА і “Студфармат”. “Be Free” перакладаецца з англійскай мовы як “Будзь вольным”. Аднак тое, што адбывалася на мінулым тыдні ў Львове і на подступах да яго, дазваляла ўспрыняць назву як скарот ад словазлучэння Belarusian freaks – “беларускія фрыкі”.


Англіцызм “фрык” увайшоў у сучасны слэнг у значэнні “дзівак”, “ненармальны”. Так цяпер называюць людзей з адхіленнямі ў паводзінах і знешнім выглядзе. Даўно заўважана: малады беларус, перасякаючы мяжу сваёй краіны ў любы бок, рэзка мяняецца: распраўляе плечы, абцягнутыя майкай з пратэстнымі лозунгамі, і пачынае казаць тое, што так доўга баяўся прамаўляць уголас дома, часта пераходзячы пры гэтым - такі вось камунікатыўны абсурд - на беларускую мову. Калі ж такі беларус у дадатак едзе на фэст, дзе ён сустрэнецца з іншымі беларусамі, то ў параўнанні з самім сабой на радзіме ён ператвараецца ў форменнага фрыка. “Няўжо беларусаў на выходных у Львове будзе больш, чым палякаў? – смяяліся мае львоўскія сябры. – Гэта малаверагодна. Але прыкольна!”

І сапраўды: ужо зранку пятніцы ў этнічным складзе львоўскіх вуліцаў адчувалася нешта не тое. Шлях польскім экскурсійным групам усё часцей маленькімі купкамі перабягала моладзь, абвешаная “Пагонямі”. У суботу іх маса стане крытычнай.

Цягнікі на Львоў ходзяць з Беларусі раз на двое сутак, што вельмі непрапарцыйна гарачай любові прагрэсіўных беларусаў да гэтага гораду. Ажыўленьне ў цягніку “Мінск- Івана-Франкаўск” пачалося ўжо з 6-га жніўня, за тры дні да беларускага фэсту. Бабулькі прапаноўвалі студэнтам аладкі, а тыя пазычалі ім асадкі, дапамагаючы запаўняць украінскія іміграцыйныя карткі. На стаянцы ў Баранавічах вядучая беларуская багема пашыхтавалася ў чаргу па гарэлку і курыныя крылцы. Гледзячы ў вочы гэтых пасажыраў, можна было канчаткова пераканацца: свята на вуліцы “беларускіх фрыкаў” распачынаецца.

Горад Львоў – самы дакладны антыпод горада Мінска ў радыюсе 1000 км. Па духу і спосабу забудовы Мінск блізкі да Варшавы, Масквы, Берліну, Кіеву, Санкт-Пецярбургу. Львоў – гэта радыкальнае сераднявечча, якое бліжэй да ўскраін змяняецца радыкальнай жа сэцэсіяй. У Львове ёсць Сыхіў – традыцыйны для постсавецкай прасторы спальны мікрараён. Але ён так далёка ад гістарычнага цэнтру, што для большасці падарожных у Львове яго існаванне – мясцовая гарадская легенда. Вуліцы Львова завіваюцца, як ракавінка вакол плошчы Рынак, як гадавыя колцы вакол сардцавіны дубу. У любога беларуса, які трапляе сюды, непазбежна ствараецца ілюзія знаходжання ў паралельным вымярэнні. Вымярэнні, дзе нічога не працуе, але ўсё дазволена.

Напускное раўнадушша львавян, калі яны расказваюць менчукам пра шматвекавыя будынкі, сярод якіх жывуць, можа напаўнаць толькі з напускным цынізмам, з якім менчукі паказваюцуь львавянам на мітуслівых падлеткаў, завешаных патрыятычнымі фенечкамі ці на пакрытых пафаснымі татуіроўкамі знакамітых рокераў. І за тым, і за іншым надзейна схаваны непадробны гонар за сваіх.

У годзе 52 тыдні. Колькасць фестываляў, якія адбываюцца цягам году ва Ўкраіне, значна большая за гэту лічбу. “Гэта пакуль немагчыма, - адказвае львоўская паэтка Ксэня Васькіў на маю просбу знайсці спіс усіх падзеяў хаця б на лета, - фестывальны рух апошнім часам у нас стаў гіперактыўным, але фестывалі гэтыя так хутка паўстаюць, знікаюць ды пераносяцца, што ўсачыць за імі вельмі цяжка”. Толькі 9-10 жніўня і толькі на Заходняй Украіне адбылося 4 фестывалі. Асабіста я прыехала сюды на музычна-паэтычны фэстываль “Бэскіды”. Праз штармавое папярэджанне па Карпатах у апошні момант яго перанеслі ў Львоў, у парк народнай архітэктуры “Шаўчэнскаўскі гай”, таму я мела магчымасць завітаць гледачом і на “Be free”. Але што я ў параўнанні з паэтам Сяргеем Прылуцкім, які за 3 дні ўмудрыўся пабываць у трох гарадах і паўдзельнічаць ува ўсіх 4-х фестывалях?

Этна-гурты, як easy listening з еўрапейскім абліччам і мягкім гучаннем, выступалі на “Be free” ў нядзелю 10-га на плошчы Рынак. У парку імя Багдана Хмяльніцкага 9 і 10 жніўня лашчыла слых больш цяжкая музыка.

“Хадзі нешта пакажу!” – калега-журналіст хапае мяне за руку і цягне да сметніцы каля ўваходу. На ёй напісана: «Осторожно, фрики!». Парк Хмяльніцкага – традыцыйная львоўская пляцоўка для рок-канцэртаў. Магчыма, надпіс пакінулі аматары поп-музыкі, маючы на ўвазе сваіх адвечных непрыяцеляў панкаў. Магчыма, гэта зрабілі самаіранічныя панкі, але атрымалася ў тэму. Мы фатаграфуем графіці і вяртаемся да сцэны, дзе пад суворы хэві мэтал маем магчымасць ацаніць беларусаў, якія тут сабраліся. Яны ходзяць шчаслівыя і п'яныя – прычым заўважна, што п'яніць іх не так алкаголь, як свабода, на якую яны нарэшце вырваліся. Тое, што ідзе ў Львове падводкай да ўсіх прэс-паведамленняў пра фэст: арганізаваць мерапрыемтсва такой ідэйна-эстэтычнай накіраванасці ў Беларусі на дадзены момант немагчыма. Прычым, дадам ад сябе, справа нават не ў забароненых зорках беларускага року, якія, калі разабрацца, з году ў год радуюць нас аднымі і тымі ж хітамі. Справа ў кансалідацыі, атмасферы нацыянальнага свята, еднасці і адстутнасці страху, магчымасці хаця б цягам уік-энду “быць свабодным” – усім тым, чаго «беларускім фрыкам» не хапае ў межах суверэнай Беларусі. Фанаты доўгія гады даравалі польскаму «Басовішчу» аднастайнасць музыкі і засуджвані на конкурсе маладых выканаўцаў, а сёлета закацілі грозны скандал за арганізатарскую забарону трымаць падчас канцэртаў над натоўпам штандары на даўгіх шастах. У Львове такіх абмежаванняў не ставілася, і для візіта ва Ўкраіну беларусам непатрэбна праходзіць клопатную працэдуру атрымання шэнгенскай візы, так што ў вачах гледачоў “Be free” мае ўсе шанцы стаць найлепшым імпартна-беларускім фэстывалем.

Калегу-журналіста абурае паненка, якія заходзіць у біяпрыбіральню, абгорнутая нацыянальным сцягам. Я кажу што, нічога дзіўнага ў гэтым няма: для іх пакалення нацыянальны сцяг – гэта такая фенечка. У мяне таксама ёсць падобная фенечка - белая ў кветкі шторка для ваннай. Яна чыста функцыянальная – абарона ад дажджу. Мы з калегам абмотваем ёй яго ноўт-бук, калі надыходзіць час перакачкі інфармацыі. Дождж пачытаецца, каб не пераставаць ні на хвіліну, і бліжэй да ночы змыць фестываль «Be free» з твару Львова. Каля мяне матэрыялізуецца бард Серж Мінскевіч, які тут праездам з фестывалю «Тузла» ў Кярчы. Паведамляе, што намётавае мястэчка ў парку «Знесіння», знайсці якое ў цемры ўдалося толькі праз 2 гадзіны блукання, вымакла да ніткі і таму профнепрыдатнае для начлегу.

Вымакла ўсё. Сур'ёзней за ўсё было тое, што вымак мабільнік. Мне тэлефануюць з просьбай упісаць двух удзельнікаў фестываля, якім няма дзе начаваць. Я набіраю нумар музыкаў. «О, Марыйка! - радуюцца музыкі. - Мы былі ехалі да цябе, але на прыпынку сустрэлі нейкага хлопца, які абяцаў пакласці нас у сваім гаражы. І вось мы ідзем у яго гараж». Гараж дык гараж. Мабільнік падазрона трышчыць і патухае.

У апошнія гады імкліва развіваецца такая моўная з’ява, як украінска-беларуская трасянка: маладыя людзі з Украіны і Беларусі ўсё часцей знаёмяцца, сябруюць і праз жывую камунікацыю вывучаюць мову суседзяў. Хоць для камунікацыі гэта не абавязкова – бакі разумеюцца без перакладу. Многіх украінцаў прывяла на фэст зусім не музыка, а грамадзянская салідарнасць з беларускімі дэмсіламі. Двое з маіх новых знаёмых неўяздныя ў Беларусь. Ужгарадскі паэт Андрый Любка, вонкава падобны да актора Леанарда Дзі Капрыё, які выконвае ролю цяжкога падлетка, у сакавіку 2006-га быў дэпартаваны на 5 год пасля адсідкі на Акрэсціна за супрацоўніцтва са штабам Мілінкевіча. Ён марна спрабуе перадаць праз мяне прывітанне хаця б каму-небудзь са сваіх сукамернікаў з “Маладога фронту”. У апранутай у індыйскія балахонікі Тасі з Кіеву тэрмін дэпартацыі крыху меншы. “Я ехала ў Беларусь, каб паглядзець на зуброў. Але мяне спынілі на вуліцы ў Мінску, бо я ішла і пасміхалася. Напісалі ў пратаколе, што я раздала мінакам 20 украінскіх улётак. Мне засталося паўтары гады, пасля чаго я адразу паеду ў Белавежскую пушчу, каб мая мара здзейснілася”. Фон Тасінаму расповеду забя\спечваюць зубры беларускага року. Ідзе другі дзень фэсту, са сцэны пачаргова грмяць Ігар Варашкевіч і Слава Корань.

У шэрагах слухачоў раптам нараджаецца яшчэ адна інтэрпрэтацыя назвы беларускага фэстывалю: “Beer & free” – “піва і бульба”. Піва на фэстывальнай пляцоўцы не бракуе. Пасылаюць ганца ў найбліжэйшую кавярню па кілю бульбы фры. Бульбу пачынаюць раздаваць у натоўпе недзе на пачатку феерычнага выступу “Нейра Дзюбеля”. “Хто тут з Беларусі? А з Украіны?” – пытаецца вядучы канцэрту Аляксандар Памідораў. Рэакцыя публікі паказвае, што прыкладна 50 на 50. На сцэну выходзіць хэдлайнер другога дня фэсту – гурт “Тартак”, які асабіста ў мяне заўсёды выклікаў павагу спалучэннем драйвовай музыкі, якасных тэкстаў і чалавечнай грамадзянскай пазіцыі гурта. Публіка зліваецца ў танцавальным экстазе, у якім ужо абсалютна немагчыма аддзяліць беларусаў ад украінцаў. На самы-самы апошні біс “Тартак” выконвае свій свежы хіт-крычалку “Україно, забивай!”: “Беларусы могуць падумаць, што мы заклікаем забіць кагосьці або на штосьці, але ж песня проста пра футбол!” Гэтак постскрыптум беларускагу музычнага фэсту абарочваецца эіграфам да таго, чым будуць занятыя галовы публікі ўжо з панядзелка – пачынаюцца адборачныя матчы “Еўра 2012”. Жыццё, як яму і належыць, не спыняецца ні на хвіліну.

Мяне саромяць за тое, што я ўзяла зваротны ківток не на той цягнік. Усе паважаючыя сябе “беларускія фрыкі” з’язждаюць у панядзелак усё на тым жа “франкоўскім”. Свята, якое мела месца, завершыцца чыгуначным after-party. “Будзем гудзець да самага мінскага перону!” – хваліліся мне. Што праўда, ведаючы нашых, можна смела паправіць: “Да памежнага пераходу, спадарства”.