Be Free: “Беларускія гурты вартыя найлепшых сцэн!”
Марыя Садоўская: Нягледзячы
на тое, што назва новая і месца новае, арганізатары Be Free — гэта тыя
ж самыя людзі, што арганізоўвалі “Права быць свабодным”: Беларуская
музычная альтэрнатыва, Еўрарадыё, ініцыятыва “Студфармат”. Таму можна
казаць пра пераемнасць традыцый. “Права быць свабодным” быў свайго роду
рэпетыцыяй перад буйным фэстам, якім і стаў Be Free, што прайшоў у
Львове 9-10 жніўня.
Еўрарадыё: У Луцку выступалі
толькі беларускія і ўкраінскія гурты. Зараз былі гурты з Польшчы і
нават адзін гурт з Францыі. Гэта спроба выйсці на міжнародны ўзровень?
Вячаслаў Корань: Так,
гэта спроба выйсці на міжнародны ўзровень. І некаторыя гурты мы бралі,
як з “чорнай скрыні”, але, на шчасце, не памыліліся і ўсе гурты
адпрацавалі вельмі добра.
М.С.: Калі
б у нас было больш рэсурсаў і магчымасцяў, то мы маглі б пашырыць фэст
на 4-5 краіны нават сёлета. Да нас прасіліся з Літвы, Сербіі, Канады,
Злучаных Штатаў. Але мы рэалістычна падышлі да сваіх магчымасцяў і
зрабілі фэст на 4 краіны. На наступны год, я ўпэўненая, выступоўцаў і
краін будзе нашмат больш.
Еўрарадыё: Напачатку я
хацеў проста спытацца пра тое, чаму вы абралі месцам правядзення Львоў.
Але прачытаўшы артыкул у адной афіцыйнай газеце, дзе аўтар дзівіцца не
выбару Львова, а таму, што не зрабілі фэст у Мінску, дзе, маўляў, было
б лёгка яго правесці, перафармулюю пытанне: “Чаму не зрабілі ў Мінску?”
В.К.: Тыя,
хто так кажа, хлусяць. У Мінску складана зрабіць не тое, што такі фэст,
але і канцэрт у невялікім клубе. Трэба вельмі шмат дазваленчых паперак
атрымаць. У Львове ёсць таксама складанасці, але мы зрабілі Луцк,
зрабілі Львоў і ад нас ніхто не патрабаваў літаваць тэксты, музыку і
г.д.
М.С.: Трэба рэальна глядзець на
рэчы. Калі б нам і дазволілі нешта такое зрабіць у Мінску, то гэта была
б такая жудасная цэнзура, што я б на месцы музыкаў проста б адмовілася
ў гэтым удзельнічаць. Таму мы выбіраем Львоў, Украіну, тое месца, дзе
можна быць упэўненым – калі мы зрабілі фармальныя крокі і падалі
заяўку, то ніякая пажарная каманда не прыйдзе ў апошні момант і не
скажа, што канцэрт адменены.
Еўрарадыё: Зараз ужо можна сказаць – што было самым складаным у арганізацыі фэсту?
М.С.: Гэта
тое, што фэст адбываўся на іншай, чужой табе тэрыторыі і ты сам не
можаш займацца нейкімі рэчамі, якія б здаваліся драбязой. Калі мы
прыехалі ў Львоў за тыдзень да фэсту, то думалі, што ўладкуем толькі
тэхнічныя пытанні. Я выбачаюся перад жыхарамі намётавага гарадку, якія
мелі складанасці з тым, каб дабрацца туды з парку, але мы былі
ўпэўненыя, што паспеем зрабіць мапы, дамовіцца з транспартам. Але на
месцы нам давялося займацца нашмат больш важнымі пытаннямі. Такімі як
узгадненне ўсіх нюансаў з украінскай міліцыяй і падпісанне канчатковага
распараджэння гарадскіх уладаў. На наступны год мы збіраемся сур’ёзна
перагледзіць свае сувязі на Украіне. І больш часу правесці на месцы
перад пачаткам фэсту і сваімі нагамі прайсці ўсе маршруты. Калі хтосьці
на Украіне нас слухае і хоча дапамагчы з арганізацыяй, пішыце ўжо зараз
на fest.svabody@gmail.com.
Еўрарадыё: У свеце
фестывалі дзеляцца на фолкавыя, блюзавыя, рокавыя… На Be Free быў і
фолк, і блюз, і рок. Гэта была такая ідэя – паказаць усё, што ў нас
ёсць?
В.К.: Ідэя была ў тым, каб
паказаць украінцам усе вядомыя гурты Беларусі, тыя, якія ўмеюць добра
іграць “жыўцом” і маюць не малую гісторыю. Складанасць была ў тым, што
гэтых гуртоў шмат. Таму мы маглі дазволіць, каб яны выступалі па 30-40
хвілін. І толькі хэдлайнерам фэсту далі на выступ гадзіну. А ўвогуле
жанр вытрымоўваецца, бо ўсё гэта была рок-музыка. Мы выбіралі гурты,
якія маюць энергетыку, умець іграць і энергетыка на фэсце была бачна
ўсім, асабліва ўкраінскай публіцы.
М.С.:
Напачатку Be Free планаваўся як выключна рок-фэст у парку, але потым
гарадcкія ўлады Львова прапанавалі нам яшчэ адну пляцоўку ў цэнтры
горада. Толькі папярэдзілі, што там будуць значныя гукавыя абмежаванні.
Мы вырашылі выкарыстаць гэта на нашую карысць і прадставіць жыхарам
Львова тыя гурты, якія б на рок-сцэне глядзеліся не так арганічна, як у
цэнтры старажытнага горада на брукаванцы – “Стары Ольса”, “Джамбібум”,
“Яр”, Наста Някрасава, “Літвінтроль” і спалучыць гэта з відовішчам, з
рыцарскімі паказамі. Таму можна лічыць, што сёлета мы проста
паспрабавалі такі эксперымент – развесці на 2 сцэны два розныя музычныя
кірункі.
Еўрарадыё: Калі вы пачалі арганізацыю
фэсту і прыехалі першы раз у Львоў, якая была рэакцыя на вашую
прапанову ў гарадскіх уладаў?
В.К.: Была
зацікаўленасць, але была і насцярожанасць. Асабліва ад уладаў і
міліцыі. Таму што яны не ведалі, хто гэта, што за гурты, якая публіка
прыедзе з Беларусі. У іх быў вопыт знаёмства з беларускімі футбольнымі
фанамі, якія прыязджалі і ўстрайвалі бойкі. Нам было вельмі цяжка
дамовіцца, каб праводзіць фэст да 11 вечара, а не да 10, як заўжды ў
іх. Але па заканчэнні самі міліцыянеры падыходзілі і казалі, каб
прыязджалі ў наступным годзе і рабілі фэст ізноў.
М.С.: Эвалюцыю
стаўлення міліцыі да нас можна было прасачыць па першай фразе: “Ці
будуць скінхэды сярод вашай публікі?”, якая прагучала падчас першай
нашай з імі сустрэчы, і па тым, што на другі дзень фэсту падпалкоўнік,
які камандаваў аховай фэсту, падышоў і сціпла папрасіў фэстаўскую майку
і паабяцаў, што будзе яе насіць. Што тычыцца гарадскіх уладаў і
стаўлення людзей да беларусаў, то можна сказаць, што ўкраінцы ставяцца
да нас вельмі добра. Ім вельмі цікава, што адбываецца ў нашым жыцці, як
мы жывем. На кожным кроку мы атрымлівалі толькі пазітыўныя эмоцыі, калі
казалі, што мы беларусы і прыехалі рабіць фэст.
Еўрарадыё:
Напярэдадні фестывалю з’явілася інфармацыя, што на мяжы будуць
звышпільна правяраць усіх, хто едзе на фэст у Львоў. Не было боязі, што
беларускія фэны не даедуць, а ўкраінскія аматары рока не праявяць да
яго цікаўнасці?
М.С.: Памятаючы
леташні досвед, мы перажывалі не столькі за тое, ці даедуць фэны, бо
нашыя фэны маюць добры досвед і дабіраюцца куды трэба аўтаспынам, ідуць
пешшу ці едуць цягнікамі, колькі за тое, што аўтобусы з музыкамі будуць
мець праблемы, як і летась. Гэта было вялікім псіхалагічным
перажываннем для гуртоў, якім трэба было потым іграць. З-за
абмежаванняў – пачынаць мы павінны былі ў 14.30, а закончыць у 23.00, —
мы баяліся, што калі хтосьці прыедзе пазней, то не зможа выступіць. І
калі прыйшла эсэмэска, што мяжу першы аўтобус з музыкамі прайшоў
нармальна, гэта быў самы шчаслівы момант першага дня.
Еўрарадыё: З’явіліся меркаванні, што арганізатары Be Free робяць фэст, які павінен стаць альтэрнатывай Басовішчу…
В.К.: Такіх
фэстаў павінна быць шмат і мы рабілі Be Free не ў альтэрнатыву
Басовішчу, а як яшчэ адзін беларускі фэст па-за межамі Беларусі. І калі
будзе магчымасць зрабіць яшчэ і яшчэ, то мы будзем гэта рабіць.
М.С.: Калі
вы запытаецеся ў беларускіх гуртоў, то яны скажуць, што і Басовішча, і
Be Free мала для таго, каб адчуць, што яны выступаюць дастаткова шмат
на вялікіх фэстах. Калі беларускім гуртам на тым жа be2gether даюць 4-ю
ці 5-ю сцэну, і не вераць у тое, што яны могуць быць сапраўднымі
хэдлайнерамі, мы выступаем за тое, каб з’яўлялася больш фестываляў,
такіх, як Басовішча і Be Free, дзе беларусы будуць паказваць свае
магчымасці на найлепшых сцэнах а мы ўпэўненыя, што беларускія гурты
змогуць даказаць усяму свету, што яны не горшыя, а можа і лепшыя за
многія гурты з суседніх краін. Таму мы спадзяемся, што ў наступным
годзе зможам супрацоўнічаць з рознымі фэстамі, уключна Басовішча, і
рабіць нешта супольнае.
Калі ў вас ёсць уласныя ўражанні ад
фэсту Be Free, вашыя матэрыялы чакае конкурс “Рэпарцёры Be Free!”, які
стартаваў на афіцыйнай старонцы фестывалю – www.festsvabody.org