Анатоль Мяльгуй: Фэст Be Free - быць вольным - наша права!
Фэст “Be Free”: быць вольным – наша права
Адна
з найбольш яскравых падзей беларускай рок-музыкі апошняга часу адбылася
на тэрыторыі Украіны, у слаўным сваёй гісторыяй і традыцыямі горадзе
Львове. Там пад патранатам Львоўскай гарадской рады (і гэта, як
высветлілася, вельмі важна для беларусаў!) адбыўся вялікі міжнародны
рок-фестываль “Be Free” – “Быць вольным”. Яго ўдзельнікамі сталі больш
за 30 калектываў з Украіны, Беларусі, Польшчы і Францыі. А колькасць
гледачоў, якія патрапілі на канцэрты фэсту ў парку імя Б. Хмяльніцкага
і на плошчы Рынак, па прыблізных падліках пераваліла за дзесятак тысяч!
Трэба
аддаць належнае арганізатарам фэсту з беларускага боку – Еўрапейскаму
радыё для Беларусі, Беларускай Музычнай Альтэрнатыве, маладзёвай
ініцыятыве СтудФармат, а з боку гаспадароў – Саюзу Украінскай Моладзі,
– якія выбралі менавіта Львоў месцам правядзення фэста “Be Free”. Бо
гэты горад з’яўляецца носьбітам сапраўднага Украінскага Духу, традыцый
вольнасці і “обіріжного” стаўлення да роднай мовы. Гэта пераканаўчы
прыклад, у першую чаргу, для маладых беларускіх рокераў, якія бывае
сумняваюцца ў правільнасці абранага, беларускамоўнага шляху. Такі моўны
патрыятызм львавян акрыляў гасцей фэсту, дысцыплінаваў тых, хто не
вельмі трымаўся сваіх каранёў. Для іншых жа моўнага бар’еру паміж
беларусамі і украніцамі Львову абсалютна не назіралася. Гэта яшчэ адзін
агрумент на карысць Львову, як месца правядзення “Be Free”…
З
гаспадароў адзначу вельмі прафесійнае выканане і самабытнае
пераасэнсаванне нацыянальнай тэмы ў рок-музыцы, якое прадэманстравалі
ўкраінскія гурты “Інкунабула” і “Гайдамакі”. Іх цудоўныя выступы
наводзілі на думку, што украінскія і беларускія музыкі маюць шмат
агульнага ў тым, што тычыцца пошукаў адментнасцяў у межах сваіх
нацыянальных рок-школ. Але, была заўважна і розніца, якая вызначаецца
становішчам рок-музыкі ў нашых краінах.
Потым, калі пляцоўка парка
Б. Хмяльніцкага была поўнасцю запоўнена слухачамі, сцэна была
прадстаўлена выканаўцам “цяжкага” адгалінавання беларускай рок-музыкі.
Тут, у першую чаргу, адзначу харызматычнага і іранічнага А. Памідорава
і яго гурт “Pomidor/OFF”. З выступу Алеся пачаўся сапраўдны фестывальны
ўздым і паяднанне душ прыхільнікаў року! І цудоўна, што гэтае свята
братэрства музыкантаў і слухачоў з розных краінаў падтрымалі і польскі
гурт “Rockaway”, і французы з гурта “Vladivostok”, беларускія каманды
“Znich”, “Zygimont Vaza”, “Zet”, і ўкраінскія зоркі з гурта
“Гайдамакі”. Іх намаганнямі фэст набыў новы маштаб і гучанне, як
цэнтральнаеўрапейскай музычнай сустрэчы. І гэтаму факту не перашкодзіў
нават лівень, які на завяршэнне перашага дня “Be Free” абрынуўся на
слухачоў. У большасці з іх яшчэ больш замацаваліся ўпэўненасць, што
заўтра трэба ісці ў парк зноў, каб вітаць незвычайнае музычнае
відовішча і яго ўдзельнікаў…
Наступны, больш сонечны дзень абяцаў
новыя музычныя сустрэчы, але на гарадзской плошчы Рынак. Там павінны
былі выступіць гурты фолк- і медыевальнай накіраваннасці, таксама
калектывы, якія выступаюць у акустычным варыянце. Таму вядучы фэсту
Алесь Круглякоў на сцэну першай запрасіў салістку гурта “:B:N” Насту
Някрававу, якая прадставіла ў гэты дзень свой асабісты фолк-праект.
Пакуль яго праграма яшчэ не поўнасцю сфарміравалася канцэптуальна. Але
тое, што музыкі ў пошуку, відавочна. Таму выступ Насты Някрасавай
выклікаў у слухачоў толькі пажаданні поспехаў у абраным музычным
накірунку.
Фолкавыя спевы на фестывальнай сцэне змянілі акустычныя
рок-н-ролы, блюзы і востра-сацыяльныя зонгі ад Андрэя Плясанава і гурта
“P.L.A.N.” І хоць Андрэй і яго нязменныя музыкі гралі “непадключанымі”,
гук на сцэне набыў сакавітую рок-н-рольную афарбоўку. Гэта адбілася на
ўспрыманні іх музыкі: слухачы пусціліся ў скокі, падпявалі Плясанаву,
актыўна набывалі дыскі “P.L.A.N.” і іншых беларускіх гуртоў. З
цікавасцю былі сустрэты выступы фолк-гуртоў больш мадэрновай і
эксперыментальнай накіраванасці. Маю на ўвазе творчасць дуэта “ЯR” і
гурта “Джамбібум”, якія выканалі песні са сваіх новых альбомаў “Хоха” і
“Жавароначкі”.
Але сапраўднае свята для львавян, які ў гэты дзень
прыйшлі на фэст, пачалося, калі на сцэну былі запрошаны лідэр
медыевільнай сцэны Беларусі гурт “Стары Ольса”. Трэба адзначыць, што
сустрэча з “жывым” выкананнем “Старога Ольсы” – гэта даўгачаканы
падарунак для беларусаў Львова. Як адзначыў адзін з актыўных дзеячоў
беларускага руха ў Львове Сяржук Горбік-Нехамец, гэтую сустрэчу з
музыкай знанага гурта яны чакалі вельмі даўно і вельмі задаволены
магчымасцю пачуць тыя кампазіцыі, якія вядомы ім па дысках. Асабліва
зацікавіла львавян балада “Бітва пад Оршай”, у якой праслаўляецца
вядомы ў Беларусі і ва Ўкраіне князь Канстанцін Астрожскі.
Улюбенцам
украінскай публікі стаў артыстычны і выкшталцоны Зміцер Вайцюшкевіч са
сваім гуртом “WZ-orkiestra”. І гэта зразумела, бо Зміцер – вядомы
выканаўца як беларускіх песень, так і блізкіх ім украінскіх. Асабліва,
памежнага палесскага рэгіёну. Падчас выступлення Змітра плошча Рынак
была запоўна найбольш і жыхары гораду адчынялі вокны сваіх кватэр, каб
лепш была чуваць цудоўная музыка беларускага выканаўцы…
Праўда,
трохі пазней вокны давялося прычыняць, бо на сцэну выйшлі гурты значна
больш гучныя, хоць даволі арыгінальныя. Гэта тычыцца беларусаў з
“Litvintroll” і гурта з Івана-Франкоўска “Кораллі”. Аб’ядноўвала іх не
толькі магутная гітарная “падкладка” ў гучанні, але і выкарыстанне
старадаўніх народных іструметаў: беларускіх дудаў і гуцульскай трэмбіты
адпаведна. Беларускі гурт выконваў “металічны” рок з сярэдневечнымі
акцэнтамі, украінцы – рытмічны этна-фанк пад завадныя гуцульскія
рытмы-“каламыйкі”. А паміж выступам гэтых каманд сваё баявое
майстэрства прадэманстравалі ўкраінскія ваяры з рыцарскага клуба “Чорны
Галич”.
Пакуль музычна-тэатральная дзея, якая адбывалася на плошчы
Рынак, блізілася да завяршэння, як у парку культуры імя Б. Хмяльніцкага
распачаўся фінальны канцэрт фэсту “Be Free” – “Быць вольным”. Яго
распачалі выступленні ўкраінскага гурта “Ху4”, такіх вядомых у Беларусі
каманд IQ 48, «Mauzer». Далей зайгралі польскія музыкі з гурта
“Metanoia”, якія трапілі на фэст праз удзел у конкурсе маладых
выканаўцаў Rocko-Go. Дарэчы, сваю праграму польскія выканаўцы вялі
па-беларуску.
З асаблівай увагай слухачы аднесліся да твораў
знакамітай “Крамы”, якая ў гэта дзень выконвала толькі гіты. Трэба было
адчуць, стоячы ў сярэдзіне натоўпу, як большасць слухачоў падпявае
“Краме” і іх песням “Камэндант”, “Будзь разам з намі”, “Выпі са мной да
дна”, “Хавайся ў бульбу”. Адзін з актыўных прадзюсараў фэсту, лідэр
гурта “ULIS” Слава Корань, не зважаючы на каласальную стому ад
фестывальнай мітусні, на сцэне быццам бы пераўтварыўся ў новага
чалавека. Радаваў цудоўнымі кампазіцыямі, якія былі “расквечаны”
віртуознымі пасажамі яго гітары. Зразумела, найбольшы поспех мела
этапная кампазіцыя музыканта “Радыё Свабода”.
Што тычыцца яшчэ
аднаго знакамітага ўдзельніка фэста – гурта “Neuro Dubel”, то яго
выступленне нават выклікала палеміку сярод тых, хто гэтым годам назіраў
за іх удзелам у “Басовішчы”. Бо на ім ” “Neuro Dubel” выканаў большасць
песень па-расійску. Гэта выклікала шмат пытанняў да музыкаў і
арганізатараў. А вось у Львове было ўсё наадварот: Аляксандр Кулінковіч
і яго калегі аддалі перавагу сваёй роднай мове, што вельмі спадабалася
і беларусам, і ўкраінцам. Хутчэй за ўсё, так моцна на музыканатаў
паўплывала моўная аўра Львова, якая зрабіла сапраўды станоўчы ўплыў.
Завяршалі
фэст улюбёнцы ўкраінскай публікі, добра вядомыя ў Беларусі музыканты
гурта “Тартак”. Лідэр каманды Сашко Положынскій, перад выкананнем
кампазіпцыю “Не жадаю” папрасіў у ўкраінскіх слухачоў прабачэння за
тое, што іх любімы твор гучыць не на роднай мове, у беларусаў за тое,
што па-беларуску песня будзе не зусім дакладнай па тэксту і вымаўленню.
Нагадаю, што кампазіцыя “Не жадаю” з’яўляецца беларускамоўным каверам
“тартакоўскай” песні “Я не хочу”, які ў Беларусі выканаў рэп-гурт
“Чырвоным па белым”. Планавалася, што “Не жадаю” сумесна выканаюць
Сашко Положынскій і лідэр “ЧпБ” Кроў. На жаль, гэтым разам не
атрымалася.
Але Сашко выканаў “Не жадаю” так дакладна, што гэты
варыянт кампазіцыі ўжо можна лічыць класікай беларускага рэпа, хоць і
“ўкраінскага гатунку”. Дзякуй, спадар Сашко за цудоўную беларускую
мову, за словы падтрымкі беларускім музыкам, за прыхільнісць да
сяброўства беларусаў і ўкраінцаў! На гэтай цудоўнай ноце фэст “Be Free”
завершыў сваю праграму ў Львове.
За
два дні фестываль “Be Free” пачалі назваць альтэрнатывай “Басовішчу”.
Думаю, фестываль “Be Free” – гэта не замена, а выратаванне “Басовішча”.
Бо міжнародны фестываль у Львове даказаў, што ні якія абмежаванні і
забароны не памеха для сапраўднай музыкі і сяброўства. Галоўнае – не
займацца падменай паняткаў для задавальнення амбіцыяў тых, каму родная
мова на “Басовішчы” як костка ў горле. Толька дзеля таго, каб тое
зразумець, трэба было правесці “Be Free”!
P.S. Хачу выказаць
шчырую ўдзячнасць за цікавую экскурсію па Львову і , у прыватнасці, за
паход у легендраную “Криёвку”, душпастыру Беларускай Аўтакефальнай
Царквы ў Львове, спадару Сяржуку Горбіку-Нехамцу і сапраўднай змагарцы
за незалежнасць Украіны, спадарыне Але Олексюк-Нехамец.
Асаблівая
падзяка вядучаму “Be Free” Аляксандру Памідораву за дзейсную дапамогу ў
крытычны момант, калі ўзнікла патрэба тэрмінова адшукаць аднаго з
удзельнікаў нашай выпраўкі ў Львоў.
А. Мяльгуй