Польскі фэст “Strefa Inne Brzmienia” далучыўся да партнэраў Be Free

Выступ гуртоў Voo Voo (Польшча) і Гайдамаки (Украіна) на фэсце Be Free ў Львове адбудзецца пры дапамозе польскага фэстывалю “Strefa Inne Brzmienia” (Люблін).  “Strefa inne brzmienia” – гэта самая буйная музычна-мастацкая акцыя на Ўсходзе Польшчы, якая ставіць мэтай спрыяць працэсам эўраінтэграцыі.

Серыя спатканьняў і творчых майстэрняў  мастакоў, музыкаў, фатографаў, што цягнулася ў Любліне 10 дзён, завяршаецца выпускам супольнага дыску гуртоў Voo Voo (Польшча) і Гайдамаки (Украіна), а таксама канцэртамі гэтых гуртоў у Любліне і Львове. Апошні адбудзецца 9 жніўня ў межах праграмы фэсту Be Free.

“Ідэя праекту  - артыстычныя сустрэчы, якія апроч надзвычай цікавага мультыкультурнага творчага працэсу паміж артыстамі і сустрэчаў творцаў з публікай,  пакінуць трывалы сьлед у выглядзе кніжкі з дыскам... Цыкл дэбатаў пад агульнай назвай “Межы Эўропы”, які ідзе разам з фэстывалем, прывязаны да актуальнага пытаньня пра эўрапейскую ідэнтычнасьць. Гэтае пытаньне – заданае ў Любліне, сталіцы памежнага рэгіёну Эўразьвязу, - паўстае вельмі выразна. Мы маем права задаваць яго, бо жывем у непасрэднай блізкасьці да мяжы, якая сваім тэхнічным “размахам” перарасла ўжо нават Бярлінскую Сьцяну. За ёй жывуць людзі, якія лічаць сябе эўрапейцамі, за ёй засталіся прыгожыя шляхетныя эўрапейскія гарады.
Мы задаемся пытаньнем пра межы нашага эўрапейскага ўяўленьня, пра тое, як далёка можа распаўсюдзіцца нашая “эўрапейская мара” аб прасторы, паяднанай супольнай сістэмай вартасьцяў. ... На гэтыя пытаньні палітыкі не могуць даць задавальняючых адказаў. Але мы ўпэўнены, што гэта могуць зрабіць творцы”, -- адзначае Мірэк Ольшувка, дырэктар фэстывалю "Strefa Inne Brzmienia".

Be Free i Strefa Inne Brzmienia плянуюць супрацу і ў наступным годзе. Сярод плянаў на будучыню - правядзеньне буйнога фэсту на польска-украінска-беларускім памежжы, арганізацыя "ярмаркі фэстаў", дзе кожны можа прадставіць свае праекты, правядзеньне конкурсу для маладых гуртоў з Польшчы і Беларусі, пераможцы якога атрымаюць магчымасьць запісаць уласны альбом на адной з польскіх студыяў.