Польскі фэст Rocko-Go абярэ ўдзельніка на Be Free
28 чэрвеня ў польскай гміне Dopiewo, што каля Познані, рушыць двухдзённы фэстываль маладой рок-музыкі Rocko-Go - партнёрскі фэст Be Free. Удзельнікі
фэсту - 24 гурты з Польшчы, Расіі, Літвы і Беларусі. Адмысловымі
беларускімі гасьцямі на фэсьце будуць удзельнікі Be Free - 2008: гурты B:N: i IQ-48.
Адбор польскіх удзельнікаў першага дня фэстывалю трываў у Познані 5
месяцаў. Штотыдзень рок-гурты з усёй краіны прыязджалі ў познаньскi
клуб PIWNICA, каб атрымаць шанец патрапіць у вялікі фінал. Пераможцаў
фіналу, які адбудзецца 28 чэрвеня, чакаюць каштоўныя прызы: магчымасць запісаць
дыск у вядомай студыі "Red House Studio Nagrań", музычная апаратура ад
фірмаў Bugera i Randall, падпіска на музычны часопіс Gitarzysta.
Асобным прызом для аднаго з фіналістаў стане магчымасьць выступіць на Be Free у Львове 9 жніўня. Для адбору гурта-ўдзельніка Be Free ў журы Rocko-Go запрасілі аднаго з арганізатараў Be Free, лідара гурта ULIS Славу Кораня.
Арганізатарамі i медыйнымі партнёрамі Rocko-Go сталі Grupa Artystyczna
ZAK, AJM Grupa, Radio Mercury, Radio Afera, а таксама Еўрапейскае радыё
для Беларусі. На Еўрарадыё нам паведамілі, што першапачаткова
планаваўся ўдзел у фэсьце большай колькасьці гуртоў з Беларусі, але
гэтая ідэя ў апошні момант сутыкнулася з арганізацыйна-візавымі
праблемамі.
Плануецца, што Rocko-Go стане пастаянным фэстам, які напрацягу
года пабывае з канцэртамі ў розных гарадах Польшчы. Ня выключана, што ў
наступным годзе фэст адбудзецца бліжэй да беларускай і ўкраінскай
межаў.
Падрабязнасьці пра фэст - на MySpace старонцы Rocko-Go.