Cашко Положіньскій: Галоўнае – трымацца разам!

Напярэдадні фэсту “Be Free” Сашко Положіньскій - лідэр гурта “Тартак”, які выступіць у Львове 10 жніўня, - у онлайн-інтэрв’ю распавёў сайту festsvabody.org, што значыць для “быць вольным”, ці варта беларускім і ўкраінскім рокерам граць на “карпаратывах” і навошта сучаснай моладзі ведаць сваю гісторыю.

Гутарыла і перакладала Марыя Садоўская

- Што для сучаснага украінскага року абазначае "быць вольным"? Наколькі творца зараз можа быць вольным ад умоўнасцяў шоў-бізу, камерцыі, патрэбнасці ў ратацыі на станцыях? Ці можа залежны чалавек увогуле быць творчай асобай?

- У прынцыпе, рок ва Ўкраіне быў і застаецца вольным, бо гурты маюць магчымасць граць такую музыку, якая ім падабаецца, і спяваць песні пра тое, пра што яны хочуць спяваць. Іншая справа, што значная частка добрай ды цікавай украінскай музыкі не мае магчымасці трапіць да шырокай аўдыторыі. І гэта насамрэч адбываецца таму, што украінская рок-музыка не залежыць ані ад законаў шоў-бізнэсу, ані ад камерцыі або ратацый. Большасць гуртоў паступова, год за годам, крок за крокам заваёўваюць сваю аўдыторыю, месца на сцэнах добрых фестываляў і, не адчайваючыся калі нешта не атрымліваецца, ствараюць добрыя песні і цікавыя альбомы.

Канешне, не ўсё так добра і бязхмарна, як можа здацца на першы погляд. Ёсць праблемы з прыдатнымі для рок-выступаў канцэртнымі пляцоўкамі, і з магчымасцю якасна запісваць сваю музыку ды і зарабляць выключна ўлюбёнай справай удаецца далёка не кожнаму рок-музыканту. Але разам з тым з’яўляюцца і новыя фестывалі, і спецыялізаваныя тэле-радыё-каналы, і незалежныя лэйблы, якія цікавяцца ўкраінскім рокам і альтэрнатывай. І што асабліва прыемна, прыхільнікаў рок-музыкі не робіцца меней пад масавым наступленнем камерцыйнай папсы, а добрыя калектывы не знікаюць, і рэгулярна нараджаецца нешта новае ды цікавае.

Што тычыцца творчасці, то сапраўдны творца не залежыць ні ад чаго. Ён мае талент, атрымлівае натхненне, а то, якім чынам ён гэта выкарыстоўвае, - гэта ўжо іншая справа... Усё роўна, калі чалавек жыве ў грамадстве, то абсалютнай свабоды не існуе. Але заўжды існуе свабода выбару... ;)

- Вашая гісторыя пачалася з таго, што хутка пасля стварэння вы выйгралі адборачны тур конкурсу "Червона рута" і сталі вядомымі. Ці памятаеце вы свае адчуванні як канкурсантаў? Што з той пары, на вашую думку, змянілася ў конкурсах для маладых гуртоў - магчыма, узровень канкурсантаў ці тыя магчымасці, што конкурсы адкрываюць для іх. Ці ўвогуле конкурсы і адборы на фэсты зараз так жа актуальныя для рок-каманд, як былі 12 год таму?

- Ды мы тады проста бавіліся! Нас конкурс як такі мала цікавіў. Мы проста хацелі пабываць на культавым фэсце, патусавацца, пазнаёміцца з класнымі украінскімі музыкантамі, падурэць на сцэне. Мы ж з Васіком -  маім колішнім калегай  - музыкамі не былі (і дагэтуль імі не сталі), а сам “Тартак” пачынаўся як гульня, як забаўка, сцёб, прыкол... Гэта ўжо потым, пасля таго, як мы неспадзявана для сябе перамаглі, калі мы адчулі рэакцыю людзей на нашыя выступы, калі адчулі кайф ад вялікай сцэны, мы сталі зусім інакш да ўсяго гэтага ставіцца...

Зараз сітуацыя зусім іншая. Адзінае, што рэальна даюць конкурсы ды фестывалі маладым музыкантам, - гэта добры практычны досвед. Сцэна, святло, гук, парады прафесіяналаў, вялікая аўдыторыя – і ўсё. Раней, калі ты класна праявіў сябе на “Червоній Руті”, “Перлинах Сезону”, іншых конкурсах ці фестывалях, ты меў шанец стаць вядомым, папулярным, знайсці прадусараў, пачаць працаваць на прафесійнай сцэне. Цяпер такога няма. Верагоднасць таго, што за цябе возьмуцца сур’ёзныя прафесіяналы толькі таму, што ты класны, вельмі малая. Цяпер усё так ці іначай упіраецца ў грошы. Ёсць пэўныя выключэнні, але іх няшмат. Ды і немагчыма адназначна сказаць, што такім музыкам сапраўды пашчасціла, бо рана ці позна прадусар можа прымусіць цябе рабіць тое, чаго ты рабіць не захочаш...

- У сваіх праграмах "Тартак" пяе пра сучаснасць, але на канцэртах вы таксама закранаеце сучасную гісторыю Украіны. Чым вас натхняе гісторыя?

-  Апроч таго, што гісторыя вельмі цікавая, яна яшчэ і карысная. Гісторыя – гэта веды і досвед, гэта боль і гонар, гэта ганьба і слава. Гісторыя – гэта фундамент, на якім базуецца сучаснасць і будучыня народу, нацыі, дзяржавы. Калі б мы лепей ведалі сваю гісторыю, мы б пазбягалі тых памылак, якія паўтараем з пакалення ў пакаленне, і правільна б распараджаліся тымі перамогамі ды перавагамі, якія атрымліваем сёння. Я перакананы, што калі б украінцы лепей ведалі сваю гісторыю, яны б ведалі і адказы на пытанні, якія паўстаюць у наш час. Напрыклад, зараз увесь час ідуць спрэчкі наконт таго, хто нам большы сябар – Расія ці Амерыка, з кім нам выгадней – з Еўропай ці з Азіей, хто хоча нам рэальна дапамагчы – Усход ці Захад. Калі ж праглядзець усю гісторыю Украіны, то робіцца відавочным, што нам ніхто ніколі не дапамагаў, а калі і дапамагаў, то зусім не бясплатна. Адсюль выснова: ніхто нам ніколі не дапаможа, апроч нас саміх. Бо ў прынцыпе, гэта нікому і не патрэбна, апроч нас... ;)

- Што вы ведаеце пра сучасную беларускую рок-музыку, рок-гурты? Што спадзяецеся даведацца на гэтым фэсце? Ці прыйдзеце паслухаць сваіх калегаў з Беларусі?

- Ведаю досыць мала. Бачыў некалькі кліпаў у інтэрнэце, чуў пару зборак “Песні Свабоды”, калісьці знаёміўся з Лявонам Вольскім... Спадзяюся, у мяне атрымаецца паслухаць выступы беларускіх гуртоў на Be Free, але не заўжды так робіцца, як хацелася б. Зарыентуюся на месцы, ці будзе ў мяне такая магчымасць. Але вельмі хочацца, каб была... ;)

- У Беларусі некаторыя гурты, каб выжыць у сучасных ўмовах, выбіраюць для сябе заробак на "карпаратывах". А ці зарабляюць на гэтым украінскія рокеры, і ў прыватнасці, ваш гурт?

- Я не лічу гэта ганьбай для музыканта. Калі запрашаюць – значыць, хочуць пачуць і ўбачыць, а якая розніца – маленькі гэта карпаратыў ці вялікі фестываль? Калі музыкант мае дзе выступаць і для каго, калі грае ўласную музыку, калі выконвае ўсе песні ўжывую – што ў гэтым дрэннага? Мы з задавальненнем выступаем заўсёды, калі ёсць людзі, якім гэта патрэбна. Шкада толькі, што “Тартак” на карпаратывы запрашаюць ну ве-е-ельмі рэдка... :)

- Ці шмат вы граеце за мяжой? Які ўвогуле найбольш памятны канцэрт у вашым жыцці?

- Мы вельмі рэдка выступалі за мяжой. Па адным разе ў Беларусі, Расіі ды Грузіі  ды некалькі разоў на украінскіх фэстах у Польшчы. З усіх гэтых фэстаў найболей запомнілася  “Лемківська Ватра”. Там была настолькі класная атмасфера, што мы далі яшчэ адзін незапланаваны канцэрт на наступны дзень пасля першага выступу. Нас проста змусіла да гэтага публіка сваімі шматлікімі пажаданнямі заграць яшчэ раз!

- Якія ў вас пажаданні да моладзі з Беларусі, Украіны і Польшчы, што прыедзе на фэст "Be Free"?

- Магу зычыць толькі аднаго: пазнаёміцца бліжэй і пасябраваць!   Нам трэба трымацца разам! Для нас, украінцаў, беларусы – гэта адзіны сапраўды братні народ. У нас вельмі шмат падобнага: геапалітычнае становішча, мова, культура, ментальнасць. У нас амаль супольная гісторыя, і гэта не гісторыя канфліктаў між сабою, а гісторыя супольнай барацьбы ды супольнай бяды. А сяброўства з палякамі – гэта проста ўзаемавыгадны культурны абмен. Яны могуць трохі прыадкрыць для нас дзверы еўрапейскай музычнай культуры, а ма можам іх паказаць наш сапраўдны драйв, нашае спецыфічнае гучанне і нашу, вельмі своеасаблівую, унутраную, але свабоду! ;)