«Be Free» пройдзе ў Львове

8-10 жніўня ў Львове (Украіна) пройдзе міжнародны фэстываль «Be Free». Арганізатары — музычны лэйбл БМА («Беларуская музычная альтэрнатыва»), Еўрапейскае Радыё  для Беларусі і моладзевая ініцыятыва «СтудФармат», ужо другі год выбіраюць Украіну месцам сустрэчы беларускіх, украінскіх і польскіх фанатаў музыкі стыля рок. У мінулым годзе пад слоганам «Права быць свабодным» фэст з удзелам 9 гуртоў з Беларусі і Украіны ўпершыню адбыўся ў Луцке, сабраўшы больш 5 тысяч гледачоў.

У гэтым годзе фэстываль набірае абароты: у Львове заплананаваны выступ ўжо 25 гуртоў з Беларусі, Украіны, Польшчы. Фэст пройдзе адразу на 2-х пляцоўках: у Парке імя Багдана Хмяльніцкага выступяць рок-гурты, а на Цэнтральным рынку Львова пройдуць паказы рыцарскіх клубаў і выступяць каманды, граючыя ў стылях «медыевал» і «фолк».

Сваю згоду ужо далі вядомыя беларускія выканаўцы, у тым ліку Krama, ULIS, Neuro Dubel, Zygimont vaza, WZ-ORKIESTRA, Pomidor/OFF, Zet,  Стары Ольса. У хэдлайнеры з польскага боку запрошаны гурт T-Love, з украінскага — «Тартак». Вядуцца перамовы  і з іншымі мядомымі імёнамі польскай, беларускай і украінскай музычных сцэнаў. А таксама разглядаюцца заяўкі маладых гуртоў, жадаючых патрапіць на фэстываль. Дарэчы, для маладых беларускіх камандаў, якія маюць жаданне выступіць на сцэне «Be Free», у чэрвені будзе арганізаваны Інтэрнэт-конкурс на старонках Еўрапейскага радыё для Беларусі www.euroradio.fm. Заяўкі ад астатніх прымаюцца на мэйл fest.svabody@gmail.com. Для гледачоў ўсе канцэрты будуць бясплатнымі.

Фэстываль «Be Free» — гэта першы міжнародны рок-фэст такога масштаба, ідэя якога належыць ініцыятывам з Беларусі. Львоў выбраны невыпадкова: у гэты, вядомы сваёй культурнай спадчынай і шматлікімі фэстывалямі, горад кожнае лета прыязджаюць турысты як з самой Украіны, так і з суседніх Беларусі і Польшчы, а таксама з іншых краін Еўропы. Для публікі з-за мяжы важна і тое, што для вандроўкі на Украіну непатрэбна віза, а квіток Мінск-Львоў па кішэне нават студэнту-бюджэтніку.

Слова арганізатарам:

Віталь Супрановіч, прадстаўляючы лэйбл  BMA-group, тлумачыць ідэю фэста: «Свабода неразрыўна звязаная з моладзевай музыкай і культурай. Моладзь сама выбірае што, дзе і калі ёй слухаць, а музыканты павінны мець мажлівасці выступаць перад самай рознай публікай. І важна, каб такая мажлівасць была не адзіная. Пасля мінулагодняга фэстываля у Луцке нас літаральна „закідалі“ просьбамі працягнуць фэст у наступным годзе. Ужо зараз мы маем некалькі дзясяткаў заявак ад гуртоў Польшчы, Украіны, Сэрбіі і, нават, Францыі».

Праўда, арганізатары папярэджваюць, што колькасьць і час выступу гуртоў будуць абмежаваныя часовымі рамкамі і бюджэтам фэстываля. На дадзены момант вядуцца перамовы з шэрагам патэнцыйных спонсараў на Украіне і ў Польшчы. У мінулым годзе адным з галоўных інфармацыйных спонсараў выступіў тэлеканал «БелСат», запланаваны тэле і радыёверсіі канцэртаў і ў гэтым годзе.

Адзін з арганізатараў фэстываля, лідар рок-гурта ULIS, Слава Корань, звяртае увагу на еўрапейскі кантэкст акцыі: «Беларусь — ці не адзіная краіна ў цэнтры Еўропы, пра рэальную моладзевую культуру якой практычна нідзе не вядома. Нават у суседніх краінах мала ведаюць пра тое, што ў Беларусі ёсць шмат рок- і не толькі рок-гуртоў, граючых сучасную музыку на прафесійным узроўні. Нашыя выступы разам з польскімі і украінскімі гуртамі стануць мажлівасцю паказаць, што наша музыка — гэта музыка сучаснай Еўропы».

Аляксей Лукашэвіч, з нефармальнай ініцыятывы «СтудФармат» глядзіць у будучыню з аптымізмам: «Сам слоган гэтага года — Be Free! — адлюстроўвае галоўную цэннасць фэстываля — яго адкрытасць і нефармальнасць. Мы чакаем, што на нашыя канцэрты прыедуць тысячы маладых людзей, студэнтаў з усёй Беларусі, а львоўская публіка, турысты з Польшчы і іншых Еўрапейскіх краін, змогуць параўнаць узровень прафесіяналізму зорак сваіх краін і Беларусі. Але галоўнае – фэстываль стане мажлівасцю праявіць сябе, даведацца больш адзін пра аднаго і правесці уік-энд не ў цесных кватэрных сценах, а ў агульнай прасторы свабоды».

Для гледачоў будзе арганізавана намётавае мястэчка.

Падрабязней даведацца пра фэст можна на яго вэб-рэсурсах:

www.festsvabody.org

www.myspace.com/fest_svabody

http://fest_svabody.livejournal.com

Кантакт  з арганізатарамі: fest.svabody@gmail.com