Удзельнікі Фэста і іх меркаваньні пра "Права быць свабодным"

Беларускі рок-фэст пад лозунгам “Права быць свабодным” пройдзе недалёка беларуска-ўкраінскай мяжы ў г.Луцку 22 верасня. Крыху пра гурты, што прымуць удзел у фестывалі: стыль ды заслугі перад Айчынай, а таксама іх думкі наконт фэсту "Права быць свабодным".

B:N:

Стыль: эпатажны рок-н-рол
Характарыстыка: гурт з г.Бярозы з назвай, якую расшыфроўвалі ледзьве не "Бярозавы накат". Адзін з самых таямнічы з гуртоў, на сайце якога проста НЯМА ніякай інфармацыі пра яго ўдзельнікаў і заслугі, акрамя паведамленняў пра выступы ды два выпушчаныя альбомы: "Не трывай" (2004 г.) і "Жыве Рок-н-Ролл". Насамрэч, дзве літары абазначаюць усяго толькі – "Бяз назвы". Гурт паспеў за апошні год прэзентаваць альбом "Жыве Рок-н-Ролл" у клубе Юла, трапіць у складанку незалежных расейскіх выканаўцаў "Паляванне выступіць на "Басовішчы-2007".  

Каментар Алеся Лютыча датычна фэсту "Права быць свабодным": "Я лічу, што гэта добрая задума, якая дасць магчымасць беларускім гуртам зайграць на Украіне і тым самым павялічыць колькасць прыхільнікаў нашай музыкі. Для B:N: гэта будзе першы выступ на Украіне".   
Падрабязней пра гурт: http://www.biaznazvy.com/.

Indiga

Стыль (вычытаны на фан-сайце): "раздалбаісты рок-н-рольны драйв" плюс "нехарактэрныя глюкі ў аранжыроўках".

Характарыстыка: у слоўніку “індыга” трактуецца як “цёмна-сіні колер, з лёгкім адценнем бэзавага” і тлумачыцца “хімічная формула фарбы Індыга - С12Н10О2Н2. Крэатыўную энэргію гурт чэрпае амаль паўсюдна - у творах Павіча, інструкцыях па карыстанню карбюратарам ды сваёй салістцы Русі. Гурт узнік у 2002 годзе і вызначыўся прафесіяналізмам, а таксама арыгінальнымі выступамі кшталту антыглабалісцкай вечарыны з сінімі балёнікамі ў гонар Дня Народзінаў салісткі. Мае ў сваім арсенале і больш сур'ёзныя дасягненні: перамогу на "Басовішчы-2003", выступ на міжнародным фестывалі “ДніпРок-2006” і неаднаразовыя намінацыі на "Рок-Каранацыі".

Каментар Русі датычна фэсту "Права быць свабодным": Я рада, што з'явілася альтэрнатыва "Басовішчам". Для нашага гурта гэта вельмі важна, бо мы ўжо некалькі гадоў не гралі на "Басах", ды і выступіць у добрай кампаніі заўсёды прыемна".

Падрабязней пра гурт: http://rusia.fromby.net/.

Neuro Dubel

Стыль: панк-рок, рэггі, блюз і яшчэ шмат чаго, што не дае сумаваць фанатам "дзюбялей".  

Характарыстыка: рок-гурт, заснаваны Аляксандрам Кулінковічам (КуЛЛінковічам, КуЛьЛінковічам) і Генадзем Агейчыкам у 1989 г. За час, што мінуў з моманту заснавання, гурт паспеў прайсці шлях ад альбома з назовай «Некачественные продукты студии ГангрЭна Продакшн» да беларускамоўнага "Tanki", прыняць удзел у фестывалях супраць наркотыкаў, ядзернай зброі і за "музычныя меншасці", атрымаць узнагароды на "Рок-каранацыі" і зрабіцца сталым выступоўцам на "Басовішчы".  
Каментар Аляксандра Кулінковіча датычна фэсту "Права быць свабодным": "Добра, калі будзе некалькі фестываляў беларускай музыкі, таму што "Басовішча" пакуль з'яўляецца адзіным такім фестывалем за мяжой".  

Падрабязней пра гурт: http://neurodubel.com/nd/band/band_set.htm.   

Ulis

Стыль: мяняўся ад лірычнага рок-н-ролу да больш цяжкага indie і псіхалагічна заглыбленага хард-року.  

Характарыстыка: быў утвораны ў 1988 годзе Вячаславам Коранем i Сяржукам Краўчанкам з часткі першага беларускага рок-гурта Bonda. Дзевяты альбом Ulisa "Люстэрка" называюць самым псіхалагічным у гісторыі нашага року. Стылёва "Люстэрка" набліжаецца да хард-року, хоць часам хіліцца да панку і ўтрымлівае ў сабе шмат цікавага матэрыялу, у тым ліку, тры песні на словы У.Караткевіча.  

Каментар Вячаслава Кораня датычна фэсту "Права быць свабодным": "Я лічу, што такіх фестываляў павінна быць як мага больш, каб беларускія гурты маглі выступаць, паказваць, што яны існуюць, і што яны існуюць у кантэксце сусветнай маладзёвай культуры. Таму любы новы фэст - гэта падзея для Беларусі і для беларускіх гуртоў."

Падрабязней пра гурт: http://ulis.by.

Сьцяна

Стыль: альтэрнатыва

Характарыстыка: пачыналася з "кватэрніка" восем гадоў таму, вакалу, гітары ды рускай мовы, а працягнулася традыцыйна "Басамі" і "Рок-каранацыяй". Назву сваю удзельнікі тлумачаць як сімвал яднання і асацыявацца хочуць не з Pınk Floyd, а з В.Быкавым.  

“Тінь Сонця”

Стыль: "казацкі рок".  

Характарыстыка: легендарная украінская зорка, што мае ў рэпертуары песні па-беларуску. Тэматыка песень не змяшчае навязлівых воклічаў кшталту «бі чужынцаў!» ды г. д., каманда імкнецца, у першую чаргу, паказаць украінскі, дахрысціянскі побыт. Першай працай каманды варта лічыць альбом «Святість Віри», скончаны ў 2002 годзе. Гурт з'явіўся ў 1999 годзе, упэўнена ўзняўся на ногі ў 2003 годзе, калі, уласна, і з'явілася ідэя «казацкага року». З таго часу гурт даў болей за 50 выступаў ва Украіне, у тым ліку, у Кіеве, Роўна, Днепрапятроўску, Палтаве, Сімферопалю, Нікапалю. Браў ўдзел у такіх фэстывалях, як «Фортеця» (Белгорад-Днястроўскі, Буджак), «Стародавній Меджибіж» (Меджібіж, Падол’е), «Тарас Бульба» (Дубна, Валынь). Па сканчэнню 2005 году гурт стварыў паралельны праект, таксама folk-metal кірунку — «Зачарований Світ» (з жаночым вакалам), узяў удзел у трыб'ют-альбоме беларускага гурта "Gods Tower" з "Песняй Чугайстра" і прэзентаваў альбом "Палымяна рута".  

Каментарый Сергія Васілюка датычна фэсту "Права быць свабодным": "Ва Украіне моладзь даўно цікавіцца беларускай рок-музыкай. Часта ў дружных студэнцкіх колах можна пачуць "Тры чарапахі", "Чаканне Калядаў", вялікім попытам карыстаецца і метал-сцэна. Думаю, гэты фэст мае будучыню ва Украіне: украінцам і беларусам заўсёды будзе пра што сказаць адзін аднаму, мы вельмі блізкія і адкрытыя адначасова".

Падрабязней пра гурт: http://sun-shadow.info.

Крама

Стыль: "добры стары рок-н-рол 50-гадовай вытрымкі".

Характарыстыка: гурт беларускага року, заснаваны ў 1991 годзе, які ўмудрыўся за адзін год атрымаць званне лепшай беларускага гурта на "Рок-каранацыі" і заняць першае месца на фестывалі "Пакаленне" ў Маскве. На "Басовішчы" гурт сустракаюць не йначай, як выгукамі "Крама" – наша мама! Чарговым альбомам гурта з'яўляецца зборнік "Усё жыццё – дзіўны сон". У запісе альбому ўдзельнічала як ніколі шмат музыкаў, якія не зьяўляюцца сталымі ўдзельнікамі калектыву. Сярод іх — бубнач джаз-гурту «Apple Tea» Алесь Сапега, гітарыст Леанід Вярэніч, салістка групы «Indiga» Руся і расейскі блюзавы вакаліст Мікалай Аруцюнаў. Апошні сьпяваў па-беларуску разам зь Ігарам Варашкевічам у новым аранжаваньні вядомага гіта «Крамы» — «Бяжы, бяжы, хлопец».

Каментар Ігара Варашкевіча датычна фэсту "Права быць свабодным": "У мяне ўжо пыталіся, ці з'яўляецца гэты фестываль альтэрнатывай "Басовішчу". Але чаму "Басовішча" павінна быць адзінымNULL Фестываляў можа быць і 10, і 20. Чым болей такіх беларускамоўных канцэртаў, тым лепш. Спадзяюся, што "Права быць свабодным" атрымаецца і ўсё будзе выдатна".

Таварыш Маўзер

Стыль: грае ў накірунку псіхадэлічнага року з лёгкім дадаткам эма-стылю.  

Характарыстыка: скарочана ад tav.MAUZER. Пераможца "Басовішча-2005", адзін з хэд-лайнераў "Басовішча-2006", Лаўрэат Рок-кола-2005 і адкрыццё года па выніках Рок Каранацыі 2005. Першы і пакуль адзіны альбом "Таварыша Маўзэра" – гэта 16 трэкаў у стылі цяжкай н'юскул альтэрнатывы.

Каментар Янкі Маўзэра датычна фэсту "Права быць свабодным": Я лічу слушным правесці фестываль беларускага року менавіта ва Украіне, бо мова ў нас блізкая, а вось нашыя гурты там пакуль вядомыя не надта, за выключэннем хіба "Ляпіса Трубецкога" ды "Лепрыконсаў". Таму гэта будзе добрым піярам для нашых творцаў. Яны пакуль чамусьці больш працуюць у Польшчы. Таму вялікі "рэспэкт" Віталю Супрановічу, што звярнуў увагу ў бок Украіны."  

Znich

Стыль: беларускамоўны pagan-folk.  

Характарыстыка: утварыўся вясной 1996 года. Сінгл гурта "Адчуванне вясны" трапіў на першы ў Беларусі зборнік цяжкой музыкі Hard life heavy musik, літоўскую Atlantida Vol.9. Зараз у наяўнасці ў гурта 4 альбомы: "Язычнік Я", "Дух Зямлі", "Адчуване Вясны", "Запаветы Апошняга Старца" і будучы тур па Расеі з беларускамоўнай праграмай.

Каментар Алеся Таболіча датычна фэсту "Права быць свабодным": Свабода – перш за ўсё, унутраны стан чалавека. Людзі павінны заўсёды заставацца свабоднымі, старацца ўдасканаліць знешні свет, пачынаючы з саміх сябе. Культура дапамагае ў гэтым, яна ўтрымлівае вечныя каштоўнасці, на якой бы мове не была: беларускай, рускай, украінскай. Музыка, мастацтва удзельнічае ў выхаванні нацыянальнай самасвядомасці нацыі. Фестываль "Права быць свабодным", які пройдзе на беларускай мове, дапаможа беларусам і ўкраінцам з'яднацца і адначасова падтрымае і прэзентуе беларускую культуру."  

Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца “Беларуская Музычная Альтэрнатыва” і ініцыятыва “СтудФармат” пры партнёрстве “Еўрапейскага радыё для Беларусі”.  

Звязацца з арганізатарамі, задаць пытанні можна праз e-mail: fest.svabody@gmail.com.


Дар'я Гарошка